Беларуская Служба

Расія хоча польскіх зямель і мільярды долараў

23.05.2023 10:11
Старшыня Дзяржаўнай думы, ніжняй палаты расійскага парламенту, Вячаслаў Валодзін сцвярджае, што «Польшча павінна аддаць Расіі як вернутыя пасля Другой сусветнай вайны тэрыторыі, так і сродкі, выдаткаваныя на іх у ваенныя і пасляваенныя гады».
Аўдыё
  • Расія атакуе Польшчу інфармацыйнай вайной
Ілюстрацыйны здымакEPA/YURI KOCHETKOV / POOL Dostawca: PAP/EPA.

Валодзін падлічыў, што гэта больш за 750 мільярдаў долараў. Пытанне, колькі павінна вярнуць сама Расія за ўсе знішчэнні ды войны, што зладзіла суседзям. Валодзін апублікаваў на сайце Telegram запіс, у якім сцвярджае, што «Польшча павінна быць пакараная за здраду гістарычнай памяці адносна нібыта вызвалення СССР падчас Другой сусветнай вайны». Крамлёўскі служка зазначыў, што Польшча існуе «толькі дзякуючы Расіі».

Ён ілжыва пісаў, што «Польшча забылася, што яе вызваленне ад фашысцкіх захопнікаў было прапанавана савецкаму народу дарагой цаной». «Трэцяя частка цяперашніх польскіх земляў — тэрыторыі з развітай інфраструктурай, прамысловымі прадпрыемствамі і багатымі прыроднымі рэсурсамі — увайшлі ў яе склад пасля Другой сусветнай вайны толькі дзякуючы нашай дзяржаве», — сказаў Валодзін.

Ён дадаў, што «ў пасляваенны перыяд савецкі народ выдаткаваў, паводле сённяшніх ацэнак, больш за 750 мільярдаў долараў на аднаўленне і развіццё Польшчы». Паводле яго слоў, за гэтыя сродкі пабудавана больш за 800 аб'ектаў прамысловасці, энергетыкі і транспарту.

Калі пачынаць такія падлікі, з’яўляецца рэзоннае пытанне, колькі павінна Расія, якая стагоддзямі вяла захопніцкія войны з суседзямі. Можа постсавецкія краіны павінны выставіць свой рахунак Маскве? Пра гэта мы запыталіся ў палітолага Паўла Усава.

- Безумоўна, такі рахунак павінны выставіць Літва, Латвія ды Эстонія. Яны прызналі перыяд знаходжання ў Савецкім Саюзе – акупацыяй. Дастаткова згадаць сотні тысяч чалавек дэпартаваных у Сібір, вывезеныя прамысловыя актывы. Гэтыя прэтэнзіі абсалютна абгрунтаваныя. Іх павінны падтрымаць Заходнія краіны. Выстаўленне прэтэнзій Расіяй – гэта элемент інфармацыйнай вайны Крамля. Аднак пасля вайны шматлікія тэрытарыяльныя пытанні былі вырашаныя з улікам інтарэсаў тагачасных звышдзяржаў. Цяпер, калі Расія пачынае ўздымаць гэтыя прэтэнзіі, можа заваліцца ўся архітэктура паваенных дамоўленасцяў.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Слухайце размову ў аўдыёфайле

Больш на гэтую тэму: На руінах імперыі